ЗВА́РКА ВЫ́БУХАМ,
злучэнне матэрыялаў у цвёрдым стане ў выніку інтэнсіўнай пластычнай дэфармацыі кантактных слаёў, выкліканай высакаскорасным саўдараннем загатовак пад уздзеяннем энергіі выбуху. Як выбуховае рэчыва найчасцей выкарыстоўваюцца аманіты. Зварку вядуць на пляцоўках, у басейнах, метал. камерах. Ёй злучаюць элементы канструкцый, атрымліваюць біметалічныя і шматслойныя лісты, трубы. Выкарыстоўваецца ў хім. і трансп. машынабудаванні, электроннай і радыёпрамысловасці, буд-ве і інш. На Беларусі вывучаецца з 1962 у НДІ парашковай металургіі, ін-це зваркі і пакрыццяў НВА парашковай металургіі дастасавальна да атрымання кампазіцыйных матэрыялаў.
т. 7, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)